Тэматыка лекцый
1.ВУСНАЯ НАРОДНАЯ ТВОРЧАСЦЬ ГУДЗЕВІЦКАГА РЭГІЁНУ.
Лекцыя змяшчае вельмі шмат прыкладаў твораў мясцовага фальклору: гэта прыказкі, прыкметы, загадкі, калыханкі, лічылкі, народныя песні, паданні, апавяданні-казкі пра пэўныя мясціны. (Для слухачоў любога ўзросту.)
2.ГІСТОРЫЯ ГУДЗЕВІЦКАЙ ЦАРКВЫ.
Лекцыя грунтуецца на матэрыялах летапісаў і архіўных дакументаў, насычана фактамі, дакументальнымі сведчаннямі. Расказвае пра святароў, што працавалі ў царкве, пра ранейшы выгляд храма. (Для вучняў 8-11 класаў, дарослых.)
3.ХАТНІ ПОБЫТ МАЕ ВЁСКІ.
Лекцыя расказвае пра ўклад жыцця сялянскай сям'і ў першай палове ХХ стагоддзя. Прыводзяцца прыклады канкрэтных сем'яў, гучаць сведчанні людзей, што жылі тады. Расказваецца пра ўмовы жыцця, пра аплату працы ў той час. (Для вучняў сярэдніх і старэйшых класаў.)
4.ЛЁН І ПРЫЛАДЫ ЯГО АПРАЦОЎКІ.
У лекцыі падрабязна расказваецца пра вырошчванне лёну і яго апрацоўку. Для раскрыцця тэмы выкарыстоўваюцца арыгінальныя прылады працы, сабраныя ў музеі.
5.ТКАЦТВА Ў ГУДЗЕВІЧАХ І НАВАКОЛЬНЫХ ВЁСКАХ.
Лекцыя не толькі знаёміць з вырабамі ткацтва ( дыванамі, посцілкамі, абрусамі, сурвэткамі, ручнікамі і інш., сабранымі ў нашай мясцовасці ), але распавядае пра ўвесь працэс ад пасеву лёну да з'яўлення гатовага вырабу. (Для слухачоў любога ўзросту.)
6.ГІСТОРЫЯ ГУДЗЕВІЧАЎ.
Лекцыя расказвае пра паходжанне тапоніма "Гудзевічы", пра грамату 1539 года, пра ранейшы выгляд вёскі, пра яе жыхароў і іх жыццё. Знаёміць са славутымі землякамі, лепшымі працаўнікамі калгаса, апавядае і пра гісторыю гаспадаркі. (Для вучняў старэйшых класаў.)
7.НАРОДНЫЯ МАЙСТРЫ ГУДЗЕВІЦКАГА РЭГІЁНУ.
У час лекцыі слухачы маюць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю нашых народных умельцаў, убачыць рэчы, створаныя іх рукамі. Так, расказваецца пра Белакоз Веру Ігнатаўну, выдатную ткачыху, Іваноўскага Пятра Мікалаевіча, добрага столяра, яго сына Дзмітрыя Пятровіча Іваноўскага, вядомага нават у Еўропе самадзейнага мастака і інш. (Для вучняў сярэдніх класаў.)
8.РЫТУАЛЬНА-АБРАДАВАЯ СІМВОЛІКА БЕЛАРУСКАГА ВЯСЕЛЛЯ.
Пра традыцыі святкавання беларускага вяселля, яго абрады расказвае нам лекцыя. Як праводзіць маладых, выкупляць нявесту, паводзіць сябе ў храме ў час вянчання, сустракаць вясельнікаў -- знайсці адказы на гэтыя пытанні можна, праслухаўшы гэты аповяд. (Для вучняў старэйшых класаў, дарослых.)
9.ЖЫЦЦЁ І СМЕРЦЬ ЧАЛАВЕКА Ў ТРАДЫЦЫЯХ, АБРАДАХ І ПАЭЗІІ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА.
Лекцыя -- экскурс у гісторыю фарміравання цыкла пахавальна-памінальных абрадаў, разгляд унутранай структуры, логікі паслядоўнага разгортвання, ролі кожнага ўдзельніка, месца і прызначэння шматлікіх атрыбутаў, асаблівасці выканання таго ці іншага рытуальнага дзеяння. (Для вучняў старэйшых класаў, дарослых.)
10.ЛЕКАВЫЯ ЗЁЛКІ НАШАЙ МЯСЦОВАСЦІ.
Лекцыю найлепш праводзіць ў зале народнай медыцыны нашага музея, дзе сабраны ўзоры лекавых зёлак нашай мясцовасці, спосабы выкарыстання іх пры лячэнні тых ці іншых хвароб. (Для вучняў малодшых класаў.)
11.НАРОДНЫ КАСЦЮМ.
Абапіраючыся на ўзоры народнага адзення, сабраныя ў нашым музеі, расказваецца пра тое, як апраналіся ў нашай мясцовасці ў першай палове ХХ стагоддзя. Для параўнання з іншымі рэгіёнамі можна выкарыстаць набор паштовак з выявамі беларускіх народных строяў. (Для вучняў сярэдніх класаў.)
12.ЛЯЧЭННЕ КРАМЯНЁВАЙ ВАДОЙ.
У лекцыі падрабязна расказваецца пра чорны крэмень і лекавыя ўласцівасці вады, настоенай на каменьчыках. Тлумачыцца спосаб яе прыгатавання і ўжывання. На вядомых з уласнага вопыту прыкладах паказваецца карысць крамянёвай вады. (Для слухачоў любога ўзросту.)
13. ВАЙНА Ў ПАМЯЦІ ЛЮДЗЕЙ.
Гэтая лекцыя распрацавана да 60-годдзя Вялікай Айчыннай вайны. Тут абагулены звесткі пра ветэранаў ВАВ,якія пражывалі і пражываюць на тэрыторыі нашага сельсавета, успаміны пра Барысаўскі аэрадром, з бамбёжкі якога і пачалася вайна ў нашай мясцовасці, пра час акупацыі, пра пасляваенныя гады.
14. ГУДЗЕВІЦКІЯ ПРАЦАЎНІКІ.
У аснову лекцыі пакладзены матэрыялы, сабраныя сумесна з вучнямі Гудзевіцкай СШ-СПК пра перадавікоў калгаса і сацыяльнай сферы, пра мясцовых людзей, чые здымкі размешчаны ў зале “Гісторыя Гудзевіч у дакументах і фотаздымках”. Таксама апавядаецца пра станаўленне і развіццё мясцовых калгасаў, будаўніцтва самой вёскі.
15. СТАРОНКІ ЖЫЦЦЯ ЯНКІ КУПАЛЫ І ЯКУБА КОЛАСА.
Лекцыя распавядае пра жыццёвы і творчы шлях нашых вядомых песняроў, пра іх творчае станаўленне, цікавыя факты з біяграфіі, пра ўшанаванне іх памяці, пра найбольш знакамітыя творы.
16. АКАДЭМІК Я.Ф.КАРСКІ.
Лекцыя распавядае пра жыццёвы і творчы шлях нашага вядомага беларускага даследчыка і фалькларыста акадэміка Яўхіма Фёдаравіча Карскага, ураджэнца нашай Гродзеншчыны
На пачатак старонкі