Яндекс.Погода

Тэматыка экскурсій


1.ЛІТАРАТУРНЫ АДДЗЕЛ.
" Гудзевічы, род мой незабыты..." Падчас экскурсіі наведвальнікі пачуюць гісторыю стварэня нашага музея,як збіраліся экспанаты.Тут, у першай літаратурнай зале, сабраны матэрыялы пра нашых мясцовых пісьменнікаў ( М.Арол, Міхась Явар, Ларыса Геніюш, Агата Тарасевіч і інш.). А яшчэ можна ўбачыць першыя зборнікі В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Цёткі, М.Багдановіча і інш., некаторыя з гэтых зборнікаў сёння амаль нідзе не сустракаюцца.

Беларускія літаратары - Гудзевічам.
Экскурсія ў другой зале знаёміць з пісьменнікамі Гродзеншчыны. Можна ўбачыць лісты, чарнавікі, кнігі і фотаздымкі з аўтографамі Васіля Быкава, Янкі Брыля, Вольгі Іпатавай і многіх іншых, чый лёс быў звязаны з Гродзеншчынай.Акрамя гэтага экскурсанты ўбачаць дарэвалюцыйныя выданні Янкі Купалы, Якуба Коласа, даведаюцца, што было з той новай зямлёй, якую куплялі героі з паэмы " Новая зямля", пазнаёмяцца з матэрыяламі пра пісьменнікаў з усяе Беларусі, з раздзеламі "Драматургія", "Кампазітары", "Гісторыя Гудзевіцкай школы".

2. НАРОДНАЕ МАСТАЦТВА.
Экспазіцыя знаёміць з рэчамі, зробленымі рукамі чалавека яшчэ ў каменным веку, з кавальскімі вырабамі, узорамі ткацтва і вышыўкі, вырабамі з дрэва, з саломы і лазы, керамікай, асобны раздзел прысвечаны Гудзевіцкаму строю. Усе гэтыя рэчы сабраны ў нашай мясцовасці.

3. ЛІТАРАТУРНАЕ МАСТАЦТВА.
Наведвальнікі могуць убачыць партрэты пісьменнікаў і літаратурных герояў, карціны, напісаныя паводле мастацкіх твораў, на гістарычныя тэмы. Прадстаўлены работы Аляксея Марачкіна, Дзмітрыя Іваноўскага, Ліліі Трахалёвай, Алеся Ліпеня, Арлена Кашкурэвіча, Міколы Купавы, Яўгена Куліка, Яўгена Шунейкі, Вячаслава Целеша і іншых, прычым усе карціны -- падарункі нашаму музею.

4.КАРЫСНЫЯ ВЫКАПНІ БЕЛАРУСІ.
Экскурсія знаёміць з багаццямі зямных недраў нашай Беларусі. Наведвальнікі ўбачаць узоры карысных выкапняў, што мае наша рэспубліка. Акрамя таго, у гэтай зале праводзяцца разнастайныя выставы з фондаў нашага музея, выставы твораў лепшых мастакоў Беларусі, ткацтва, вырабаў майстроў, прывазныя выставы з Гродна і іншых гарадоў.

5.ГУДЗЕВІЧЫ Ў ВЫЯЎЛЕНЧЫМ МАСТАЦТВЕ.
У гэтай зале гісторыя Гудзевічаў увасоблена ў карцінах нашых беларускіх мастакоў, на якіх адлюстраваны старажытныя пабудовы нашай вёскі, гістарычныя падзеі, што адбываліся ў Гудзевічах. А яшчэ тут экспануецца човен першай паловы ХХ стагоддзя, на якім калісьці плавалі мясцовыя рыбакі, і рыбалоўныя прылады.

6.ГІСТОРЫЯ ГУДЗЕВІЧАЎ У ДАКУМЕНТАХ І ФОТАЗДЫМКАХ.
Экскурсія знаёміць з гісторыяй Гудзевічаў ад паганскага часу да нашых дзён. Пра старажытнасць вёскі сведчыць каменны рукамыйнік дахрысціянскага часу, грамата 1539 года з першым дакументальным упамінам пра Гудзевічы. Паказаны войны, што прагрымелі на нашай зямлі (Першая сусветная, польска-нямецкая, другая сусветная). Працоўныя поспехі гудзевічан адлюстраваны здымкамі мясцовых механізатараў, паляводаў, жывёлаводаў, старшыняў калгасаў, што працавалі ў нашай мясцовасці.

7. НАРОДНАЯ МЕДЫЦЫНА.
Як умацаваць сваё здароўе без лекаў, як змагацца з ужо набытымі хваробамі народнымі сродкамі -- пра гэта расказваецца ў час экскурсіі ў зале народнай медыцыны. Дзеці і дарослыя могуць азнаёміцца з лекавымі ўласцівасцямі зёлкаў, з лячэннем меддзю, крамянёвай вадой.

8. ЛЁН І ТКАЦТВА.
Лён і прылады яго апрацоўкі. Тут экскурсанты ўбачаць усе прылады працы, пры дапамозе якіх лён ператвараецца ў тканіну, а таксама ўзоры разнастайных тканін, якія выраблялі нашы мясцовыя жанчыны.

Народнае ткацтва.
У гэтай зале сабраны ўзоры разнастайных тканых вырабаў: дываны, посцілкі, ручнікі, сурвэткі. А самае цікавае -- гэта багацейшая калекцыя падвойных дываноў, два з якіх маюць больш за сто гадоў (1898 г., 1900 г.). У 90-ых гадах мінулага стагоддзя работнікі нашага музея аднавілі і асвоілі тэхніку падвойнага ткацтва,таму ў экспазіцыі змешчаны таксама і сучасныя вырабы ткацтва.

9.СЯЛЯНСКАЯ ХАТКА ХУІІІ СТАГОДДЗЯ.
Экскурсія знаёміць з побытам сялян у той даўні час: паказвае, як сяляне працавалі, харчаваліся, адпачывалі. Тут сабрана старажытная сялянская мэбля. Кожны экспанат вядзе нас у мінулыя стагоддзі, паказвае, што нашы сяляне былі працавітыя, разумныя, сумленныя, добрыя і вельмі гасцінныя



На пачатак старонкі
Используются технологии uCoz