Яндекс.Погода

Гудзевічы


   Нашы Гудзевічы - цудоўны куточак прынёманскага краю, вёска, якую добра ведаюць не толькі на Мастоўшчыне, на Гродзеншчыне, але і ў многіх іншых месцах Беларусі і далёка за яе межамі.    Дакладна вядома, што ўжо ў 1539 годзе нашы Гудзевічы былі здаўна вядомым населеным пунктам, пра гэта сведчыць грамата, арыгінал якой захоўваецца ў Варшаўскім універсітэце. Калі ж спасылацца на семантыку назвы вёскі, то час яе ўзнікнення яшчэ больш далёкі, бо назва Гудзевічы, верагодна, паходзіць ад слова гудас, так называлі славян балты-яцвягі, племя, якое канчаткова асімілявалася ў ХІІІ стагоддзі.
   Гэтыя і многія іншыя факты з гісторыі роднага краю выдатна адлюстраваны ў Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі, дзякуючы якому і набылі Гудзевічы такую вядомасць.
   Зараз нашы Гудзевічы - цэнтр сельскага Савета і закрытага акцыянернага таварыства "Гудзевічы", вёска, якая расце, шырыцца, прыгажэе з кожным годам. Тут ёсць чатыры магазіны (два дзяржаўныя, калгасны і прыватны), Дом культуры, дзіцячы садок, сярэдняя школа, філіялы музычнай і мастацкай школаў, комплексны прыёмны пункт, аддзяленне сувязі, амбулаторыя і аптэка, царква (будынак 1852 года).
   З 2006 года Гудзевічы - аграгарадок. Для таго, каб пра нас ведалі і прыязджалі сюды, зараз вядзецца работа па стварэнню інтэрнэт-сайта пра музей і нашу вёску. Гэта дазволіць больш прадуктыўна супрацоўнічаць з турыстычнымі фірмамі і санаторыямі, што размешчаны ў нашым рэгіёне.
   Бліжэйшыя ад нас буйныя населеныя пункты: Масты(32 км), Ваўкавыск (42 км), Гродна (55 км).
   Нашы Гудзевічы - выдатнае месца для развіцця турызму, у тым ліку і сельскага, цікавае як для нашых суайчыннікаў, так і для замежных гасцей. Мы гатовы да супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі арганізацыямі, шчыра рады заўсёды вітаць гасцей на нашай гудзевіцкай зямлі.


На пачатак
Используются технологии uCoz