Яндекс.Погода

Белакоз Алесь Мікалаевіч

     У гэтым годзе 11 верасня сваё 85-годдзе адзначыў заснавальнік нашага музея Белакоз Алесь Мікалаевіч. Ён набыў вядомасць і павагу ў грамадстве ўпартай і мэтанакіраванай, нястомнай працай усяго жыцця.

     Народны паэт Беларусі Пімен Панчанка ў сваім знакамітым вершы “Беларускія настаўніцы” занатаваў такія радкі:
Вы – мае мілыя, Вы – мае родныя,
Колькі было ў вас крыўды і слёз…
Вас пахваліў бы за мову народную
Мудры настаўнік – Алесь Белакоз.
  Алесь Мікалаевіч Белакоз нарадзіўся 11 верасня 1928 года ў в.Ляткі, што побач з Гудзевічамі (Мастоўскі раён). У 1944 г. паехаў вучыцца ў Ваўкавыскую сярэднюю школу. Закончыў яе ў 1947 г. у ліку першых 13 выпускнікоў. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Гудзевічах (1948-1950). Завочна вучыўся ў Гродзенскім педагагічным інстытуце на філалагічным факультэце (1953-1959). Настаўнічаў у Радзявіцкай сямігадовай школе (1955-1959).
   Патрыятычныя пачуцці да свайго, беларускага, прывіла старэйшая сястра Вера. Калі яна памерла ў 1948 г. ад цяжкай хваробы сэрца ў маладым веку, адчуў, што яго маральны абавязак працягваць яе жыццёвую справу. Адразу прыгадаліся яе ўрокі, размовы з ёй, перакананні, якіх Вера цвёрда трымалася. Колішнія выказванні сястры пра мову, Радзіму, неабходнасць бараніць роднае набылі новы сэнс, канкрэтную накіраванасць. Вера сваім уплывам вызначыла жыццёвы шлях брата.
   Працуючы настаўнікам у Гудзевіцкай СШ, падрыхтаваў уласную методыку выкладання беларускай мовы і літаратуры. Увогуле, урокі Алеся Белакоза былі своеасаблівым гімнам роднай мове і літаратуры. Яго вучні былі прызёрамі абласных, рэспубліканскіх алімпіяд. Сталі кандыдатамі, дактарамі навук. “З маленства прывіваеца патрыятызм чалавеку, а найперш у сям’і і школе, бо там пачынаеца фарміраванне светапогляду грамадзяніна. І як неабходна самому чалавеку з дня ў дзень адчуваць і разумець непаўторнасць тых мясцін, дзе нарадзіўся, той зямлі, якую называюць Радзімай!” – менавіта з гэтага павінен пачынацца выхаваўчы працэс, лічыць Алесь Мікалаевіч.
   Заснаваў літаратурна-краязнаўчы музей (1965г.), які быў адкрыты ў 1968 г. Цяпер музей мае статус дзяржаўнага. З 1991 па 2004 год А.М.Белакоз працаваў дырэктарам музея. Апекаваўся збіраннем легенд краю, народных песень, выпускам рукапіснага часопіса “Праменьчык”.
   Ён з вялікай любоўю распавядаў наведвальнікам музея з Украіны, Славакіі, Чэхіі, Польшчы, Англіі, Швейцарыі, ЗША, Аўстрыі пра сваю родную вёску. І госці разумелі яго, бачылі чалавека, які ганарыцца сваімі землякамі, гісторыяй продкаў, раскрывае ім, людзям далёкага і блізкага замежжа, характар беларусаў, іх гасціннасць і годнасць.
   Можна сказаць, што экспанаты Гудзевіцкага музея лечаць кожнага з нас ад гістарычнага бяспамяцтва, надаюць моцы, як крынічная вада роднай старонкі. Алесю Мікалаевічу ўдалося здзейсніць сваю задуму: стварыць экспазіцыю, накіраваную найперш для нацыянальна-патрыятычнага выхавання на прыкладах тутэйшага жыцця цягам некалькіх стагоддзяў, уключаючы культурныя здабыткі, узоры працы землякоў. Музей створаны для таго, каб паказаць людзям непаўторнасць сваёй зямлі.
   Ураджэнец Гродзеншчыны Адам Мальдзіс, калі наведаў музей, застаўся ў захапленіі: “Я ўпэўнены, што літаратуразнаўцы 21-га стагоддзя і больш блізкага часу не раз будуць выкарыстоўваць матэрыялы, сабраныя ў Гудзевічах, спасылацца на іх…”
   Калі чарговая група літаратараў наведала Гудзевічы, то знакаміты паэт Ніл Гілевіч узрушана сказаў: “Я ў Гудзевічах упершыню і прыйшоў у захапленне ад убачанага! Вы робіце справу дзяржаўнай важнасці”.
   Аб актыўнай жыццёвай пазіцыі шаноўнага ветэрана-педагога, грамадскага лідэра сведчаць яго рэгулярныя інтэрв’ю, змешчаныя ў газетах і на інтэрнэт-сайтах. Не бывае дня, каб людзі не тэлефанавалі яму альбо не прыехалі, каб асабіста пабачыцца і пагаварыць. Тэматыка такіх размоў шырокая. Але абавязкова закранае праблемы захавання спадчыны, сучаснага жыцця, стану роднай мовы як нацыянальнай каштоўнасці, дзякуючы якой мы рознімся ад іншых народаў.
   У 1987 г. Алесю Мікалаевічу прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларусі, ён выдатнік народнай асветы, мае званне “Настаўнік-метадыст”, у 1990 г. уручаны медаль Францыска Скарыны, у 1998 г. ганаровы знак Міністэрства культуры, у 2012 г. – прэмія імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”.
     

   


/па матэрыялах кніг , часопісаў і газет з фондаў музея/



На пачатак старонкі
Используются технологии uCoz